БЕЛАРУ́СКІ ДАБРАЧЫ́ННЫ ФОНД «ДЗЕ́ЦЯМ ЧАРНО́БЫЛЯ»,
незалежнае няўрадавае аб’яднанне. Створаны ў 1989 пры аргкамітэце БНФ, з 1990 самаст. арг-цыя. Ажыццяўляе доўгатэрміновыя праграмы і праекты сац.-гуманіт. кірунку (больш за 40). Пад яго апекай знаходзяцца многія мед. і дзіцячыя ўстановы Беларусі. З дапамогай фонду пабудаваны «SOS — дзіцячая вёска», рэабілітацыйны цэнтр у Мінску, дамы для перасяленцаў-чарнобыльцаў, дзіцячы хоспіс, цэх экалагічна чыстага харчавання, у Мінску будуецца правасл. храм «Усіх самотных радасці». На аздараўленне ў замежныя краіны накіравана больш за 80 тыс. дзяцей-чарнобыльцаў і 540 — на лячэнне і рэабілітацыю. У клініках зах. краін прайшлі стажыроўку каля 200 медработнікаў. На Беларусь з-за мяжы пастаўлена 6,5 тыс. т гуманіт. грузаў (больш як на 140 млн. ням. марак). Аказана дапамога 240 тыс. ліквідатараў, перасяленцаў, інвалідаў, мнагадзетным і маламаёмным сем’ям. Мае аддзяленні і групы падтрымкі ў 76 раёнах і гарадах Беларусі, супрацоўнічае з 386 замежнымі арг-цыямі. Праводзіць міжнар. кангрэсы «Свет пасля Чарнобыля» (1992, 1994, 1996). Заснавальнік Міжнар. асацыяцыі гуманіт. супрацоўніцтва, час. «Demos» на рус. і ням. мовах.
т. 2, с. 439
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)